« | Главная | »

Ревнует – значит, любит?

Опубликовал admin | 12 Июль 2013

Рэўнасць — прыкмета кахання ці, наадварот, недаверу? І як змагацца з гэтым шкодным пачуццем, якое разбурыла не адзін шлюб? Расказвае псіхолаг Лілія Ахрэмчык.

— Часта даводзіцца чуць, што рэўнасць — гэта прыкмета кахання. А вы як лічыце: кахання сапраўды без яе не бывае?

— На жаль, з адказам на гэтае пытанне не вызначыліся нават класікі. Адны з іх лічылі, што з рэўнасці пачынаецца каханне, другія — што каханне без рэўнасці немагчыма, а трэція меркавалі, што рэўнасць — гэта дровы для вогнішча кахання. Мне бліжэй сцвярджэнне, што “чалавек не тады раўнуе, калі кахае, а тады, калі хоча быць каханым”. Рэўнасць — гэта прыкмета і кахання, і недаверу да другой паловы адначасова. Але ў большай ступені рэўнасць — гэта ўсё ж такі прыкмета няўпэўненасці ў тым, што цябе кахаюць, што ты заслугоўваеш гэтага моцнага пачуцця, а таксама няўпэўненасці ў сабе (у сваёй прыгажосці, розуме, дабрыні, выключнасці). А яшчэ рэўнасць — гэта і няўпэўненасць у тым, што ты можаш кантраляваць сваё жыццё, усё, што з табой у ім адбываецца. Самае галоўнае — у тым, што мы раўнуем нашага партнёра, ён не вінаваты, таму што недавер — гэта не яго, а наша пачуцце. Што нам перашкаджае цалкам давяраць “другой палове”?.. У гэтага можа быць шмат прычын. Сярод іх — былыя псіхалагічныя траўмы, магчыма, сямейныя гісторыі. У любым выпадку неабходна задумацца над тым, што знішчыла здольнасць давяраць каханаму чалавеку.

— “Другая палова” раўнуе. Што неабходна зрабіць? І ці можна нешта зрабіць у гэтым выпадку?

— Дайце свайму партнёру ўпэўненасць у тым, што ён вам неабходны, што вы яго вельмі моцна кахаеце, тую ступень душэўнай блізкасці, пры якой у яго не будуць з’яўляцца думкі аб магчымасці вашай здрады. Дайце яму ўпэўненасць у сабе! А гэта можна зрабіць пры дапамозе псіхалагічных “пагладжванняў” накшталт: “Ты ў мяне самы лепшы”, “Я цябе так цаню, ты столькі для мяне робіш”, “Ты вельмі добры муж (жонка)”, “Я табой ганаруся” і гэтак далей. Дэманструйце партнёру сваё каханне: рабіце для яго рамантычныя вячэры, якія будуць пераходзіць у такія ж ночы, рыхтуйце падарункі, сюрпрызы. І тут, дарэчы, справа не ў кошце, а ў вашым стаўленні да чалавека: напрыклад, папяровае сэрца з пяшчотным подпісам, пакладзенае ў кішэню яго адзення, можа забяспечыць яму добры настрой на ўвесь дзень і надаць яму ўпэўненасці ў тым, што вы аб ім пастаянна думаеце.

І, безумоўна, не давайце падстаў для рэўнасці. Мне, напрыклад, дастаткова часта прыходзіцца чуць, як жанчыны са слязьмі расказваюць: “Ён, нягоднік, прыраўнаваў мяне без падставы, а я толькі ветліва развіталася з аднакласнікам. Што з таго, што мы пацалаваліся са школьным сябрам у вусны?!”. Ці яшчэ прыклад: “другая палова” ўбачыла даволі пікантнае СМС-паведамленне ад калегі па працы, а жонка тлумачыць: “Ой, гэта мы так з калегамі жартуем!” Падобныя выпадкі ваш партнёр успрымае як заляцанні да іншага чалавека, што, зразумела, непрымальна. Таму засцерагайцеся ад неабдуманых учынкаў, шкадуйце сэрца і пачуцці “другой паловы”. Калі ж заляцанні да іншых жанчын (мужчын) для вас — гульня, трэба мець на ўвазе, што ў вашага пастаяннага партнёра на гэты конт могуць быць свае ўяўленні аб ролі, якую ён павінен выконваць у такіх гульнях, і яны могуць не супадаць з вашымі ўяўленнямі на гэты конт. Калі вы гуляеце з агнём, то і рыхтуйцеся да наступстваў.

Але хочацца засяродзіць увагу яшчэ і на тым, што мы можам паўплываць на іншага чалавека ці змяніць яго настолькі, наколькі ён сам гэта нам дазволіць. Таму і пераканаць “другую палову” ў сваім каханне можна настолькі, наколькі вам жадаюць верыць. Калі ж рэўнасць пераходзіць усе дазволеныя межы, то і крокі павінны быць іншымі.

Як адрозніць “звычайнага” раўніўца ад “паталагічнага”?

— Зрабіць гэта, на мой погляд, вельмі проста: калі ёсць падставы і “другая палова” раўнуе — значыць, партнёр псіхалагічна нармальны, а вось калі ён раўнуе без падстаў — гэта паталогія. І ў такім выпадку ўзорныя паводзіны страчваюць усялякі сэнс, бо раўнівец усё роўна знойдзе сваё тлумачэнне любому вашаму ўчынку. І гэта ўжо хвароба. Калі псіхалагічна здаровы чалавек здольны кантраляваць любыя праявы сваёй рэўнасці, то паталагічны раўнівец гэтага рабіць не можа: рэўнасць цалкам зацьмявае яго свядомасць, ідзе наперадзе любых яго думак і ацэнак. І тады пачынаецца: “Дзеля каго ты так апранулася? Каму гэта так усміхнулася? Чаму прыйшла з працы на 5 хвілін пазней?” Рэўнасць у гэтым выпадку становіцца навязлівай ідэяй. Вылечыць такую паталогію вельмі складана, амаль немагчыма. Не супакойвайце сябе думкамі, што ваша мэта — стаць выратавальнікам для такога чалавека. Таму вам застаецца вырашыць толькі адно: ці гатовы вы пастаянна выконваць ролю ахвяры?.. Калі здольны з такім палажэннем змірыцца, то захавайце адносіны, калі ж роля ахвяры не для вас — падумайце аб іншым партнёры.

А калі знешне ўсё добра: муж і кахае, і сям’ю забяспечвае, але жанчына пры гэтым нібы трапляе ў залатую клетку? Ці трэба з яе вырывацца?

— Мы не можам гэта вырашыць за жанчыну. Вялікую ролю пры гэтым адыгрываюць другасныя выгоды. Напрыклад, муж не хоча, каб яна працавала?.. Дык, можа, яна і сама не вельмі да гэтага імкнецца. У прыгожай сукенцы не дазваляе нават з сабачкам пагуляць?.. Дык, можа, ёй у гэтым выпадку проста запрашаць сябровак дадому і там дэманстраваць сукенкі! Пастаянна правярае мабільны тэлефон?.. Калі ён дарагі і прыгожы, то няхай сабе правярае! З гэтага вынікае, што ўсё залежыць ад таго, з чым жанчына можа змірыцца, а з чым — не, што яе задавальняе, а што раздражняе. Бо калі клетка — не залатая і пастаянны кантроль з боку мужа выклікае раздражненне, успрымаецца як знявага, то, мабыць, неабходна падумаць аб тым, каб змяніць партнёра.
У кожнай жанчыны свая мяжа, за якой рэўнасць партнёра ўжо ўспрымаецца не як каханне, а як самая апошняя ступень знявагі. Трэба добра ўяўляць, перайшлі вы ў гэтым сэнсе рубікон ці не… І толькі ў гэтым выпадку прымаць канчатковае рашэнне.

Ці трэба жанчыне “закрываць вочы”, калі муж раўнуе настолькі, што пачынае біць? Вы згодны з выказваннем “б’е — значыць, кахае”?

— Калі муж б’е, то аднойчы можа і забіць. А рэўнасць — не апраўданне для забойства.
Я ўпэўнена: у галаве псіхалагічна нармальнага чалавека павінна быць блакіроўка на забойства партнёра. Калі мужчына ці жанчына перайшлі гэту мяжу, то, значыць, у псіхіцы адбыліся парушэнні. Згадзіцеся, гэта ненармальна: так кахаў, што біў і забіў? Ці — так кахаў, што пастаянна прычыняў боль і пакуты?

Каханне — гэта калі імкнешся зрабіць “другой палове” добра, а не кепска ці балюча. Калі муж б’е жонку, то гэта сведчыць аб яго асабістых страхах і няўпэўненасці. І баіцца ён у першую чаргу быць пакінутым.

Калі жанчына не дае падстаў для рэўнасці, а мужчына раўнуе і б’е, то гэта можа тлумачыцца толькі тым, што ён псіхічна хворы. Калі ж падставы былі, то і ў гэтым выпадку біць не мае сэнсу. Бо здрада — гэта ўжо паказчык таго, што адносіны разбураюцца, калі ад іх наогул яшчэ нешта засталося. Калі адзін з партнёраў перастае кахаць, то тут ужо бі ці не бі — а былыя пачуцці не вернеш.

Ці трэба развітвацца з мужчынам, які так раўнуе, што пачынае біць?.. Гэта залежыць ад сцэнарыяў, якія ўсталяваліся ў гэтай сям’і. Напрыклад, адна кліентка мне гаварыла: “Затое, калі мы з ім мірымся, у нас такі секс!”. Гэта ўжо відавочны сцэнарый адносін паміж партнёрамі. Ён б’е, яна адчувае сябе вінаватай. Потым ён просіць прабачэння на каленях, яна даруе. І зноў ён б’е. Ён — садыст, яна — мазахістка, а ў іх дваіх — узаемазалежныя адносіны, якія могуць доўжыцца ўсё жыццё. У якасці сцэнарыя не выключаны і правакацыйныя паводзіны з боку жанчыны, калі яна падсвядома робіць нешта такое, што выклікае ў партнёра агрэсію. Калі ж жанчына паводзіць сябе ўзорна і не разумее, чаму яна трапіла ў такія абставіны, то першае, што я ў яе пытаю: “За што вы сябе так не любіце?” Жанчына, якая змірылася з тым, што партнёр яе раўнуе настолькі, што лічыць магчымым падымаць руку, нібы транслюе свету, што яе можна біць. Магчыма, гэта ідзе з яе бацькоўскай сям’і, дзе бацька біў маці, а тая цярпела. Так ці інакш, але калі мужчына б’е — гэта ўжо нездаровыя адносіны і жанчына ў гэтым выпадку дакладна рызыкуе. І ў яе толькі два выйсці з такой сітуацыі — працягваць іграць ролю ахвяры ці скласці рэчы і пайсці.

Гутарыла Алена КАВАЛЁВА

 

Понравилось? Поделись с друзьями!

Опубликовать в Мой Мир
Опубликовать в Одноклассники

Оставить комментарий или два

Пожалуйста, зарегистрируйтесь для комментирования